"Ходзім строем, спяваем “Кацюшу”". Чаму вучаць школьнікаў у абавязковых вайсковых лагерах

"Практычная адпрацоўка баявых дзеянняў" і іншыя "карысныя" навыкі

"Практычная адпрацоўка баявых дзеянняў" і іншыя "карысныя" навыкі / Минск-новости

У прапагандысцкім выданні "Мінск-навіны" выйшаў рэпартаж пра вучэбна-палявыя зборы дзесяцікласнікаў. Так у Маскоўскім раёне сталіцы праз лагеры прайшлі больш за 990 юнакоў. Частка з іх праходзіла зборы ў цэнтрах дапрызыўнай падрыхтоўкі школ. Каля 100 падлеткаў жылі ў намётавых лагерах, размешчаных на тэрыторыі вайсковых частак.

Адзін з такіх стацыянарных намётавых лагераў упершыню быў створаны на базе 56-га асобнага палка сувязі, які дыслакуецца на тэрыторыі вайсковага гарадка ва Уруччы.

Чаму ж там вучылі дзесяцікласнікаў?

З рэпартажу стала вядома, якую "вайсковую навуку" асвойвалі падлеткі.

Еўрарадыё сабрала гэта ў спіс:

  • "Хлопцаў вучылі тактычнай медыцыне, абыходжанню са зброяй і іншым навыкам, неабходным салдату ў баі";

  • "Практычная адпрацоўка баявых дзеянняў";

  • "Хлопцы трэніраваліся капаць акоп у ляжачым становішчы сапёрнай лапаткай";

  • "Адпрацоўка страявой падрыхтоўкі";

  • "Удзельнікі вучыліся разгортванню палявога кабелю, падключэнню і наладцы сродкаў сувязі, усталяванню сувязі";

  • "Хадзілі строем, спявалі “Кацюшу”;

  • "Навучыліся дзейнічаць адзінай камандай, хадзіць у нагу, выразным строем";

  • "Навучыліся дысцыпліне";

  • "Адпрацоўвалі падрыхтоўку да стральбы з розных палажэнняў: лежачы, з калена, седзячы і стоячы";

  • "Вывучаем вайсковыя дысцыпліны".

Нагадаем, што ў 2026 годзе ў Беларусі будуць працаваць 138 лагераў ваенна-патрыятычнага профілю, разлічаных больш чым на 13 тысяч школьнікаў. Усяго запланавана 198 змен.

47 лагераў будуць размешчаныя непасрэдна на базе вайсковых частак, з іх 33 будуць працаваць у кругласутачным рэжыме.

Яшчэ 91 лагер ваенна-патрыятычнага кірунку арганізуюць школы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.