На 8-м паверсе Цэнтра кіравання перавозкамі БЧ размясцілі вайскоўцаў
Гаворка ідзе як мінімум пра 20–30 вайскоўцаў / Сообщество железнодорожников Беларуси
Прадстаўнікі вайсковых структур Беларусі ўжо каля года займаюць цэлы паверх у будынку Цэнтра кіравання перавозкамі Беларускай чыгункі. Пра гэта паведамляе "Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі".
Паводле звестак крыніц, для размяшчэння вайскоўцаў быў выдзелены 8-ы паверх будынка па адрасе: Мінск, Сталярны завулак, 1, плошчай каля 600 кв. м. Раней там знаходзіліся падраздзяленні Канструктарска-тэхнічнага цэнтра БЧ, цяпер іх перанеслі на 9-ы паверх.
У склад размешчанай групы ўваходзяць прадстаўнікі органаў ваенных паведамленняў (ВАСА МА РБ), а таксама падраздзяленняў сувязі і абароны сакрэтнай інфармацыі. Паводле ацэнак крыніц супольнасці, гаворка ідзе як мінімум пра 20–30 вайскоўцаў.
Доступ на паверх арганізаваны па спецыяльных пропусках, на ўваходзе размешчаны кругласутачны ўзброены пост, выхады на лесвічныя клеткі закрытыя.
"Гаворка ідзе ўжо не проста пра каардынацыю вайсковых перавозак з БЧ, а пра пастаянную прысутнасць вайскоўцаў унутры аднаго з ключавых аб'ектаў кіравання", падкрэсліваюць у супольнасці.
Фарміраванне гэтай групы пачалося каля года таму, у перыяд падрыхтоўкі да вучэнняў "Захад-2025". Крыніцы адзначаюць, што прысутнасць вайскоўцаў звязаная з працягам вайсковых перавозак і выкарыстаннем інфраструктуры БЧ, у тым ліку ў інтарэсах Расіі.
Супольнасць бачыць у гэтым небяспеку сцірання мяжы "паміж грамадзянскім аб'ектам і элементам вайсковага забеспячэння".
"У выпадку ажыццяўлення новай агрэсіі з тэрыторыі Беларусі не выключаная верагоднасць таго, што такі аб'ект можа быць вызначаны як частка сістэмы вайсковага забеспячэння, што стварае для яго пэўныя рызыкі", папярэджвае "Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі".