Як зрабіць пераразлік камунальных плацяжоў і зэканоміць, пакуль вы на дачы

Бавіце час летам за горадам? Зрабіце пераразлік!

Бавіце час летам за горадам? Зрабіце пераразлік! / LookByMedia

Беларусы, якія часова не жывуць у сваіх гарадскіх кватэрах, могуць аформіць пераразлік часткі камунальных плацяжоў. Заканадаўства прадугледжвае такую магчымасць пры адсутнасці ў кватэры больш за 10 сутак запар. Пра гэта піша Domovita.

Пераразлік робіцца па заяве, якую трэба падаць не пазней чым праз 30 каляндарных дзён з дня вяртання. Пры адсутнасці лічыльнікаў можна вярнуць грошы за вываз смецця, халоднае і гарачае водазабеспячэнне, каналізацыю, газазабеспячэнне, а таксама за электраэнергію, якую спажывае ліфт.

Калі ў кватэры ўстаноўлены індывідуальныя прыборы ўліку, пераразлік за гэтыя паслугі не праводзіцца — у такім выпадку асноўная эканомія для дачнікаў прыпадае на вываз смецця і выдаткі на ліфт.

За летні сезон, з сярэдзіны мая да сярэдзіны верасня, адзін чалавек можа зэканоміць на гарадской "жыроўцы" каля 16–20 рублёў.

Для афармлення пераразліку неабходна звярнуцца з заявай у РСЦ па месцы жыхарства і прыкласці пацвярджальныя дакументы.

Да паважлівых прычын адсутнасці адносяцца: выезд у садоўніцкае таварыства, дачны кааператыў або сельскі населены пункт, выезд за мяжу, санаторна-курортнае лячэнне, вучоба або камандзіроўка, пражыванне па дамове найму ў іншым месцы, а таксама догляд за інвалідам I групы або чалавекам старэйшым за 80 гадоў.

Як правіла, для пацвярджэння дастаткова даведкі ад старшыні садоўніцкага таварыства або іншага дакумента аб знаходжанні на дачы ў адпаведны перыяд.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.