Кіраўніца рэгіёну даслала Меркель ліст са шматлікімі памылкамі (фота)

Як паведамляе выданне Die Welt, ліст канцлеру Нямеччыны даслала прэм'ер-міністр федэральнай зямлі Рэйнланд-Пфальц Малу Драер. У ім яна піша на тэму сачэння амерыканскіх і брытанскіх спецслужбаў за нямецкімі грамадзянамі, пра што стала вядома пасля скандальных заяваў Эдварда Сноўдэна. Драер прапанавала Меркель з гэтай нагоды склікаць сустрэчу кіраўнікоў рэгіёнаў краіны.



У лісце ў шасці сказах знайшліся аж шэсць арфаграфічных памылак, а таксама няправільна пастаўленая коска. У адным слове былі прапушчаныя некалькі літараў. Былі выяўленыя яшчэ некалькі памылак.



Як піша Welt, у адміністрацыі федэральнай зямлі Рэйнланд-Пфальц гэта тлумачаць тым, што канцлеру быў дасланы чарнавы варыянт ліста. Аднак нямецкія журналісты звяртаюць увагу на тое, што "чарнавы" варыянт падпісаны кіраўніцай рэгіёну. Ангеле Меркель, нібыта, ужо прынеслі прабачэнні.
 

Фота — Die Welt