Кіраўніцтва АДС заступілася за актывістаў, якіх прызываюць у войска

Прэзідыум палітрады Аб'яднаных дэмакратычных сілаў патрабуе прадаставіць актывістам маладзёжнага руху, якіх прызываюць у войска, магчымасць прайсці незалежнае медыцынскае абследаванне. Кіраўніцтва АДС падкрэслівае, што "гвалтоўны прызыў у войска" стаў новай "формай палітычнага пераследу маладых дэмакратычных актывістаў".
Сярод тых, хто ўжо патрапіў пад "палітычны прызыў", называюцца Зміцер Жалезнічэнка, Алесь Каліта, Зміцер Салавей. "Спецслужбы таксама ўмешваюцца ў працэс прызыву Фёдара Чаранкова, Паўла Батуева, Паўла Кур'яновіча, Зміцера Хведарука, Арцёма Забарына, Алеся Круткіна, Уладзіміра Сяргеева, - гаворыцца ў заяве. - У гэтыя дні адбываецца, а таму патрабуе тэрміновага ўмяшальніцтва грамадскасці, "прызыў" Івана Шылы і Франака Вячоркі. У 2008 годзе першаму незаконна не далі здаць іспыты за сярэднюю школу, а другога - незаконна выключылі з БДУ".

БелаПАН нагадвае, што Шыла мусіць з'явіцца для адпраўкі ў войскі 23 студзеня, а Вячорка - 26 студзеня. Маладыя людзі падалі скаргі ў суд з патрабаванем адмяніць незаконнае рашэнне аб прызыве ў войска, правесці расследаванне парушэння іх правоў, а таксама правядзення незалежнай медыцынскай экспертызы.