Кіраўніцтва Мазырскага НПЗ не заўважыла галадоўку працаўнікоў

Акцыя пратэсту на Мазырскім НПЗ праходзіла з 14 па 19 кастрычніка. Яе распачаў Юрый Швец, старшыня пярвічнай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюза на заводзе. Першыя тры дні галадоўку падтрымліваў і яго калега Васіль Альхоўскі, але па стане здароўя 16 кастрычніка ён спыніў яе.

Прычынай галадоўкі стала звальненне пяці прафсаюзных актывістаў. На думку Юрыя Швеца, такім чынам кіраўніцтва прадпрыемства прадэманстравала сваю незадаволенасць дзейнасцю незалежнага прафсаюза.

Швец: "Тыя працоўныя парушэнні, якія інкрымініруюцца гэтым людзям, у лепшым выпадку мусяць карацца невялікім дэпрэміраваннем. Ажно калі прызнаць, што гэтыя парушэнні былі. Але, як кажа наймальнік, гэта яго права, абіраць меры пакарання".

Са словаў Юрыя Швеца, праблемы ва ўдзельнікаў незалежнага прафсаюза пачаліся ў 2008-га годзе, калі на прадпрыемстве з'явіўся ідэолаг, былы супрацоўнік КДБ. З таго моманту кіраўніцтва прадпрыемства лічыць, што прафсаюзныя актывісты дэстабілізуюць абстаноўку ў калектыве.

Швец: "Як выражалася гэтая дэстабілізацыя, я так да сённяшняга дня не магу ў адміністрацыі атрымаць адказ. Якія ўсё ж такі прэтэнзіі ёсць да прафсаюза? Чым прафсаюз перашкаджаў вытворчасці? Якімі дзеяннямі ці бяздзеяннем? Гэтых адказаў мы так і не атрымалі, але з боку кіраўніцтва ў дачыненні нашай арганізацыі прымаліся розныя метады, каб яе ліквідаваць з заводу."

Юры Швец дадае, што на 5-дзённую галадоўку кіраўніцтва заводу аніяк не адрэагавала, нават не спрабавала пасля з ім звязацца. Звольненыя рабочыя маюць намер судзіцца з былым працадаўцам. У судзе Мазырскага раёна 22 кастрычніка ўжо прайшло папярэдняе слуханне справы былога трубаўкладчыка НПЗ Уладзіміра Ключнікава.

Рубрыка “Самаабарона” падрыхтаваная спецыяльна для праграмы “Кардыяграма”.

Фота www.mnpz.by