Кіроўца без правоў на "Крайслеры" збіў слуп і зламаў дрэва ў Мінску (фота)

У цэнтры Мінску кіроўца без правоў на аўтамабілі "Крайслер" зрэзаў дрэва і бетонны слуп. Здарэнне адбылося ўначы 19 красавіка на вуліцы Маскоўскай. У выніку яго пацярпелі тры чалавекі. Вось што распавёў Еўрарадыё супрацоўнік прэс-службы сталічнай ДАІ Юрый Красноў:

"Кіроўца 1977 года нараджэння, намеснік дырэктара сталічнай фірмы, без правоў ехаў на аўтамабілі "Крайслер". Ён няправільна выбраў хуткасць і, з'язджаючы з моста, яго аўтамабіль з'ехаў ўправа за межы дарогі, зрэзаў дрэва, пасля бетонны слуп, і ўдарыў прыпаркаваную таксоўку".


Паводле словаў Краснова, часткі разбітага аўтамабіля разляцеліся па ўсёй вуліцы, яны паранілі ў нагу наведвальніка кавярні. Траўмы атрымалі таксама кіроўца "Крайслера" і яго пасажыр, дырэктар адной з мінскіх фірмаў.

Дарэчы, у лютым на гэтым самым месцы адбылася падобная аварыя. Тады аўтамабіль БМВ зляцеў з моста і сутыкнуўся з тралейбусам. У выніку, загінулі тры пасажыры легкавіка і быў паранены адзін чалавек, які ехаў у тралейбусе.

Фота - http://forum.onliner.by