Кіроўцу, які раздушыў намёт з дзяўчынай, узялі пад варту (фота)
26-гадовы мужчына працуе экспедытарам у прыватным гандлёвым прадпрыемстве.
У Баранавічах узялі пад варту 26-гадовага кіроўцу "Вольва", які зранку 25 ліпеня каля вёскі Амневічы наехаў на турыстычны намёт і раздушыў у ім 21-гадовую дзяўчыну. На яго пачалі крымінальную справу і выставілі абвінавачанне ў парушэнні правілаў дарожнага руху ў стане алкагольнага ап'янення, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека, паведамляе сайт Следчага камітэта.
П'яны кіроўца на Volvo наехаў на намёт, у якім спала дзяўчына
Паведамляецца, што 26-гадовы мужчына — жыхар Баранавічаў, працуе кіроўцам экспедытарам у прыватным гандлёвым прадпрыемстве.
Сяброўка загінулай Аксаны Вялічка распавяла газеце "СБ. Беларусь сегодня", што іх кампанія прыехала адпачываць на беразе возера. Дзяўчына прыехала з Мінску, дзе працавала ў ювелірнай краме. Калі паміж сябрамі разгарэўся канфлікт, Аксана адправілася спаць.
Крыху пазней за руль аўтамабіля сеў нецвярозы стрыечны брат яе маладога чалавека. Усе думалі, што ён хоча пераставіць машыну. Але хлопец нечакана паехаў назад паміж двума намётамі, што стаялі побач. Ён нават не заўважыў, як праехаў правым бокам па намёце, у якім спала дзяўчына.
Сябар Аксаны адразу кінуўся на дапамогу і дастаў яе з намёта. Аднак дзяўчына памерла праз некалькі імгненняў пасля наезду.


Фота: sk.gov.by