Класныя кіраўнікі бабруйскіх школ прадаюць квіткі на валейбол па тэлефоне

“Добраахвотна-прымусовыя” мерапрыемствы па распаўсюду квіткоў на валейбол сярод насельніцтва пачаліся ў Бабруйску. 
Нагадаем, з 28 жніўня па 5 верасня ў “Бабруйск-Арэне” пройдзе чэмпіянат Еўропы па валейболе сярод юніёраў. Паколькі ахвочых паглядзець на гульні вельмі мала (нягледзячы нават на тое, што квіток каштуе ў сярэднім каля 1000 рублёў), да распаўсюду падключылі прадпрыемствы і навучальныя ўстановы.

Як даведалася Еўрарадыё, мясцовыя прадпрыемствы атрымліваюць лісты з гарвыканкама з наступным тэкстам: “У адпаведнасці з распараджэннем Бабруйскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 29.07.2010 г. № 309-р "Аб арганізацыйна-тэхнічным забеспячэнні фінальнага турніру чэмпіянату Еўропы 2010 года па валейболе сярод юніёраў" Вам неабходна забяспечыць удзел прадстаўнікоў працоўнага калектыва ў праглядзе гульняў чэмпіянату Еўропы на "Бабруйск-Арэне" у наступнай колькасці…”.

На прадпрыемствах большасць квіткоў набываюцца цэнтралізавана — у сярэднім адзін квіток на дваіх супрацоўнікаў. Як паведамілі Еўрарадыё на фабрыцы "Славянка", калі працаўнікі катэгарычна адмовяцца браць квіткі за грошы, то іх могуць "узнагародзіць" імі праз прафкам.

А вось са школьнікамі і навучэнцамі каледжаў, якія зараз на канікулах, узнікаюць праблемы. На аднаго школьніка ў абавязковым парадку прыходзіцца 2 квіткі коштам 1000 рублёў. Класным кіраўнікам даводзіцца тэлефанаваць сваім навучэнцам дадому і прасіць наведаць школу для набыцця квіткоў.