Кожная пятая вакансія ў Мінску — з аплатай працы больш за 1 млн рублёў?

У базе звестак дзяржслужбы занятасці Мінска на 1 кастрычніка мелася амаль 14 тыс. вакансій, у тым ліку 10,5 тыс. — па працоўных спецыяльнасцях (кіроўцы, будаўнікі, слесары, мантажнікі, электрыкі, прадаўцы і інш.). Як інфармуе БЕЛТА, каля 20% вольных працоўных месцаў — з аплатай працы звыш 1 млн рублёў, а 30% — меней за 500 тыс. рублёў.

Змянілася структура беспрацоўных па ўзроўні адукацыі. Так, за дзевяць месяцаў доля беспрацоўных з агульнай базавай адукацыяй знізілася да 10%, з вышэйшай адукацыяй — узрасла да 20%.

У Мінску ў студзені-верасні бягучага года звярнуліся па дапамогу ў працаўладкаванні 27,4 тыс. чалавек, прызнаныя беспрацоўнымі 14,5 тыс. чалавек. Працу за гэты час атрымалі 14,6 тыс. чалавек, у тым ліку 5,4 тыс. беспрацоўных. На прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку і падвышэнне кваліфікацыі накіраваныя амаль 2 тыс. чалавек. У грамадскіх аплачваных працах удзельнічалі 3,8 тыс. чалавек, з іх 2,4 тыс. — беспрацоўных.

Узровень афіцыйнага беспрацоўя на 1 кастрычніка склаў у сталіцы 0,5% да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва.