Кожная шостая пара ў Беларусі не можа абзавесціся дзіцем без медыкаў

Кожная шостая пара ў Беларусі не можа абзавесціся дзіцем без медыцынскай дапамогі. Пра гэта паведаміла загадчыца аддзялення планавання сям’і Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Маці і дзіця» Ала Камлюк.

Камлюк адзначыла, што цэнтр «Маці і дзіця» дасягнуў добрых вынікаў у прымяненні метаду экстракарпаральнага апладнення (ЭКА). З 2007 года ў цэнтры выканана прыблізна тысяча такіх працэдур, і амаль ў 40 адсоткаў выпадкаў вынікам з’яўляецца цяжарнасць. Метад ЭКА будзе развівацца і ў далейшым, заўважыла спецыяліст.


Паводле слоў Камлюк, ёй вядома аб 11 праграмах сурагатнага мацярынства. Чатыры з іх абмяркоўваліся ў цэнтры «Маці і дзіця», але толькі адна завяршылася цяжарнасцю, паведаміла газета "Наша Ніва".