Кудзіненка пад Ваўкавыскам здымае фільм паводле Мэрымэ

14 верасня стваральнік легендарнага фільма “Акупацыя. Містэрыі"  пачынае здымкі трылера “Масакра” паводле “Локіса” Праспэра Мэрымэ. Ледзь знайшлі палац для здымкаў — адны знішчаныя, другія адрэстаўраваныя як цацкі
Стужку здымае “Беларусьфільм”. У фільме будуць гучаць беларуская, польская, руская мовы. Аўтар сцэнарыю — Аляксандр Качан. Сцэнарый напісаны па матывах навэлы Праспэра Мэрымэ “Локіс”. Гэта легенда пра тое, як князь на ўласным вяселлі ператварыўся ў мядзведзя. Дзеянне фільма адбываецца ў другой палове XIX стагоддзя пасля паўстання Каліноўскага.

На адну з галоўных роляў зацверджаны малады расійскі акцёр Андрэй Назімаў. Абмяркоўваўся ўдзел яшчэ аднаго расіяніна, Дзмітрыя Мілера, і дзвюх польскіх акторак — Наталлі Рыбіцкай і Ханны Дуноўскай. Канчатковае рашэнне яшчэ не прынятае.

Бюджэт “Масакры” — 5 мільярдаў рублёў. Крызіс перашкодзіў фінансаванню з польскага боку. З-за гэтага адмовіліся ад ідэі запрасіць Аляксандра Дамагарава, кандыдатуру якога прапаноўвалі палякі.

Здымкі меліся адбывацца ў Польшчы (там лепей захаваліся старажытныя сядзібы). Але з-за эканоміі іх перанеслі ў Беларусь. Разглядалася некалькі сядзібаў, аднак большасць з іх знаходзіцца ў трагічным стане, а палац у Пружанах пасля аднаўлення страціў старажытны каларыт. Таму абралі палац у гарадскім пасёлку Жалудок, што ў Шчучынскім раёне. Ён пабудаваны Чацвярцінскімі ў пачатку ХХ стагоддзя, таму яшчэ не паспеў ператварыцца ў руіну.

Паколькі сцэнарый прадугледжвае змену экстэр’еру, першую сцэну здымуць у сядзібе, што ў вёсцы Падароск Ваўкавыскага раёна. Там галоўныя героі ўпершыню спаткаюцца на балі.


На здымку ўгары: Андрэй Кудзіненка. Фота Р. Гарбачова, "Салідарнасць"



На здымку: Палац Чацвярцінскіх у Жалудку цяпер належыць РУВП "Конус", якое падпарадкоўваецца Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і займаецца тэхналогіямі ў сельскай гаспадарцы (у тым ліку гідраізаляцыяй гноесховішчаў і мантажам даільных залаў). Палац уключаны ў спіс будынкаў рэспубліканскай маёмасці, якія фонд "Гроднааблмаёмасць" прапануе на продаж, паколькі тыя не выкарыстоўваюцца або выкарыстоўваюцца неэфектыўна. У спісе не ўзгадваецца слова "палац". Там напісана: "адміністрацыйна-лабараторны комплекс, два склады, сталоўка, памяшканне для вартаўнікоў і пабытовае памяшканне".



Станіслаў Кіман памятае апошніх уладальнікаў палаца з роду Чацвярцінскіх, якія выехалі з яго ў 1939 г. Цяпер вёска паказальна завецца Зара Камунізма.

Здымкі Аліны Кашкевіч