Курс расійскага рубля да беларускага самы нізкі за апошнія 28 месяцаў

247 беларускіх рублёў складае 31 кастрычніка афіцыйны курс расійскага рубля. У параўнанні з папярэднім днём ён знізіўся на 4,50 рубля (1,39%), за кастрычнік - на 22 (8,18%), з пачатку года - на 43,50 (14,97%), паведамляе БелаПАН.

Цяперашняя каціроўка расійскага рубля самая нізкая пасля 5 чэрвеня 2012 года, калі яна была роўная 246,50 рубля. У той дзень афіцыйны курс долара ЗША да беларускага рубля быў роўны 8.390 (зараз - 10.710), еўра - 10.420 (13.480). Калі б цяпер курс расійскага рубля знізіўся да 246 рублёў, то гэта быў бы самы нізкі курс пасля 20 кастрычніка 2011.

Прычынай падзення расейскай валюты стала яе дэвальвацыя ў Расіі, што выклікана санкцыямі Захаду ў адказ на анэксію Крыма і дапамогу сепаратыстам Данбаса, а таксама прыкметным зніжэннем коштаў на нафту.