Лазавік не памятае выпадкаў, каб Вярхоўны суд вяртаў рэгістрацыю кандыдатам

Незарэгістраваныя на пасяджэнні Цэнтральнай выбарчай акругай кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў маюць шанец дамагчыся рэгістрацыі праз Вярхоўны суд. Аднак ні ў ЦВК, ні ў праваабарончых арганізацыях не прыгадалі такіх выпадкаў у ранейшай практыцы.  Сярод іншых у Вярхоўны суд збіраюцца звяртацца былы палітвязень Мікола Статкевіч (яму адмовілі ў рэгістрацыі з-за яшчэ не знятай судзімасці), прэтэндэнты ад АДС Алесь Лагвінец (падстава - тэхнічная памылка ў дэкларацыі аб даходах) і Сяргей Салаш (пытанне з дэкларацыяй і подпісамі).

Сяргей Салаш вельмі спадзяецца на Вярхоўны суд, бо адной з падставаў яго нерэгістрацыі быў неверагодны факт - раптоўнае знікненне дома з межаў горада:

"Аказваецца, адзін са шматпавярховых дамоў горада Барысава раптам аказаўся не горадам, а вёскай. І ўсе подпісы з гэтага дома былі забракаваныя. А на сайце ЦВК ёсць межы акругаў. Гэты мікрараён уваходзіць у горад Барысаў".

Аднак сакратар ЦВК Мікалай Лазавік кажа, што не прыпомніць выпадку, каб Вярхоўны суд вяртаў рэгістрацыю кандыдатам:

"Мы аднаўлялі шэраг кандыдатаў, але здаецца праз Вярхоўны суд аднаўленняў не было".

Кіраўнік Беларускага хельсінкскага камітэта Алег Гулак мяркуе, што зарэгістравацца кандыдату праз суд практычна немагчыма:

"Магчыма, былі адзінкавыя выпадкі. Па праўдзе кажучы, я нават і не памятаю. Па мінулай практыцы гэта практычна неверагодна, каб адмянілі".

Адзначым, што рашэнне Вярхоўнага суда абскарджванню не падлягае. Таму ў выпадку, калі ён задаволіць скаргу кагосьці з палітыкаў, яны аўтаматычна будуць зарэгістраваныя.