Лекары ў Мілане адмывалі грошы, прызначаючы непатрэбныя складаныя аперацыі

Вінаватымі прызнаны 8 лекараў з прыватнага медцэнтра ў Мілане. Яны адмывалі грошы, прызначаючы пацыентам непатрэбныя аперацыі.

Ад такога лячэння пацярпелі больш за 40 чалавек. Сярод іх 18-гадовая дзяўчына, якой ампутавалі грудзі, а таксама 80-гадовая жанчына. Ёй выдалілі частку лёгкага, нібы пашкоджанага ракам, хоць у яе была пнеўманія.

За кошт аперацый медыкі атрымалі некалькі мільёнаў еўра дзяржаўных субсідый. Зараз іх чакае турэмнае зняволенне. Самы вялікі тэрмін, 15 гадоў, атрымаў загадчык хірургічнага аддзялення, паведамляе Белтэлерадыёкампанія.