ЛГБТ-актывістам не далі правесці ніводнай вечарыны ў Мінску
7 снежня былі нечакана адмененыя ўсе мерапрыемствы ў рамках сталічнага гей-прайду.
Яго арганізатары сцвярджаюць, што гэта адбылося з-за ўмяшання ўладаў.
Паводле рэсурсу GayBelarus.by, адміністрацыя рэстарану Casa Agustin Lopez адмяніла прайд-вечарыну, у рамках якой павінен быў адбыцца конкурс “Міс і Містэр Талерантнасць”. Прычынай адмены мерапрыемства стаў нібыта прарыў каналізацыйнай трубы.
Напярэдадні ў Мінску былі таксама адмененыя вечарынкі ў клубах “Алекс” і “Бостан”. На іх былі запрошаныя не толькі ўдзельнікі гей-прайду. Да “Бостана” пад’ехала міліцыя і проста не пусціла наведнікаў у памяшканне, а ў клубе “Алекс” узніклі “тэхнічныя праблемы”.
Апроч таго, у клуб “Каста Дзіва” не пусцілі ЛГБТ-актывістаў з Брэста і Жодзіна.
7 снежня на спектакль “Свабоднага тэатру”, які праходзіў у рамках праграмы мінскага гей-прайду, прыйшоў супрацоўнік міліцыі і жанчына ў цывільным. Паводле іх словаў, яны прыйшлі на спектакль “Шчаслівых Калядаў, міс Мідоўс”, бо ў міліцыю паступіла інфармацыя, што ў памяшканні збіраюцца асобы нетрадыцыйнай арыентацыі.