Літоўцаў, што нелегальна прыехалі па гарэлку, 3 гады не пусцяць у Беларусь

Штрафам, дэпартацыяй і забаронай прыязджаць у Беларусь на працягу трох гадоў пакараныя чатыры літоўцы. Прычынай стаў іх нелегальны пераезд праз беларускую мяжу ў пошуках спіртнога. Як паведамляе БелаПАН, лідскія памежнікі затрымалі жыхароў Шальчынінкайскага раёна ў беларускай памежнай зоне ўвечары 24 верасня.

Высветлілася, што мужчыны нарыхтоўвалі дровы на літоўскай тэрыторыі. Падчас працы выпівалі. Калі спіртное скончылася, па "дагонку" літоўцы вырашылі з'ездзіць на возе ў Беларусь. Перасякаючы "зялёную" мяжу, яны пакінулі сляды на ўсіх кантрольна-следавых палосах. Памежнікі затрымалі парушальнікаў, калі яны яшчэ нават не даехалі да крамы.