Літоўскія інвестары асцерагаюцца ісці ў Беларусь – амбасадар Багдонас

Беларусь прывабная для літоўскіх інвестараў, аднак яны асцерагаюцца сюды прыходзіць. Прычынай боязі амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас на онлайн-канферэнцыі на сайце газеты "Комсомольская правда в Беларуси" назваў дзейснае адміністрацыйнае рэгуляванне.  У беларускім адміністрацыйным рэгуляванні, па словах амбасадара, бізнэсоўцам, якія прызвычаіліся да рынкавай эканомікі, цяжка зарыентавацца.

Ён таксама адзначыў, што факт канфіскацыі літоўскіх мікрааўтобусаў месяц таму не спрыяе нармальнаму супрацоўніцтву.

Амбасадар пракаментаваў сітуацыю з арыштам у Беларусі літоўскіх бізнэсоўцаў. Дыпламат адзначыў, што за абвінавачванні, якія выстаўляюцца літоўскім грамадзянам у Беларусі апошнім часам, у Літве было б толькі адміністрацыйнае пакаранне, гэта значыць штраф. У Беларусі ж чалавек трапляе ў турму.