Лукашэнка і Берлусконі будуць абмяркоўваць эканоміку і інвестыцыі

Галоўнымі тэмамі, якія збіраюцца абмеркаваць Аляксандр Лукашэнка і Сільвіё Берлусконі падчас візіту прэм'ер-міністра Італіі ў Беларусь, будуць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, а таксама перспектывы інвестыцыйных праектаў. Пра гэта, як інфармуе БЕЛТА, кіраўнік Беларусі паведаміў у інтэрв'ю італьянскай газеце La Stampa. Італьянскі журналіст спытаўся пра гарантыі ў плане дэмакратызацыі, якія Беларусь магла бы даць Сільвіё Берлускон. На гэта Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ён не думаё, быццам Берлусконі едзе ў Беларусь па гарантыі дэмакратызацыі. "Што датычыць дэмакратыі, мы можам з тым-сім яшчэ і падзяліцца гэтым задарма", — заявіў беларускі лідэр.

Лукашэнка заявіў, што з прэм'ерам Італіі ён мяркуе найперш абмеркаваць эканамічныя праблемы, стварэнне нарматыўна-прававой базы адносін дзвюх краінаў. Акрамя таго ён нагадаў, што міністр замежных спраў Франка Фраціні ды іншыя прадстаўнікі Італіі, пабываўшы ў Беларусі, пацвердзілі, што тут спрыяльны інвестыцыйны клімат і буйныя бізнэсмэны сёння гатовыя інвеставаць у беларускую эканоміку.

Лукашэнка падкрэсліў важную ролю, якую Італія адыграла ў наладжванні адносін Беларусі з ЕС. Па ягоных словах, тут заслуга найперш належыць Франка Фраціні і Сільвіё Берлусконі.

Нагадаем, што візіт італьянскага прэм'ер-міністра ў Беларусь запланаваны на 30 лістапада.