Лукашэнка: Мы выкараскаліся з той сітуацыі, у якую нас паставіла Расія

Кіраўнік краіны на нарадзе, што адбылася на Мазырскім НПЗ, па пытаннях працы нафтаперапрацоўчай галіны заявіў, што Беларусь выкараскалася з той сітуацыі, у якую яе паставіла Расія ў пачатку года, паведамляе Белапан.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што мэта яго прыезду на Мазырскі НПЗ заключаецца ў тым, каб пачуць непасрэдна ад спецыялістаў, кіраўнікоў галін, што змянілася за апошні час.

Гаворачы пра станоўчыя змены сітуацыі з забеспячэннем вуглевадароднай сыравінай, Лукашэнка зноў падкрэсліў, што ваяваць з Расіяй не збіраецца, а проста шукае альтэрнатывы. І пацвердзіў планы Беларусі па павелічэнні далейшых пастаўках нафты з Венесуэлы.

Паводле слоў старшыні канцэрна "Белнафтахім" Валерыя Казакевіча, беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы ў стане перапрацаваць запланаваны аб'ём сыравіны. У сваю чаргу дырэктар Мазырскага НПЗ Анатоль Купрыянаў паведаміў, што на прадпрыемстве праводзіцца рэканструкцыя і мадэрнізацыя, якія дазволяць павялічыць перапрацоўку нафты штогод да 5 млн. тон і больш.

Як адзначыў Валерый Казакевіч, Мазырскі НПЗ да канца года выйдзе на аб'ёмы мінулага года разам з перапрацоўкай другасных рэсурсаў, а ў будучым ёсць магчымасць павелічэння.