Лукашэнка: Расія цісне газам напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў

Чарговы газавы канфлікт Аляксандр Лукашэнка лічыць спосабам ціску з боку Расіі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю тэлеканалу Euronews. "Я ўжо ў расійскіх СМІ заўважаю, на асноўных каналах, іх Першым канале і іншых: яны ўжо пачалі вымалёўваць тэзісы прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Усё абсалютна ясна: ідзе ціск напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі", — сказаў Лукашэнка.

Па меркаванні Лукашэнкі, у расійскага боку "вока гарыць на дзяржаўную ўласнасць у Беларусі, якая сёння не прыватызаваная. І яны жадаюць прыхапіць яе танна". "Па-другое, ім не падабаецца тут Лукашэнка, паколькі ён незалежнасць вельмі дбайна адстойвае, сто адсоткаў. Ёсць іншыя асабістыя матывы, пра якія вы таксама добра ведаеце, ну і шмат іншых момантаў.

Не падабаецца нашая палітыка. У прынцыпе, разважаючы па-імперску, як нашыя журналісты кажуць, яны такім чынам жадаюць утрымаць Беларусь у сферы свайго ўплыву. Імперскае мысленне ў тым і складаецца, што трэба ўзяць, нахіліць, прыціснуць, задушыць", — цытуе беларускага лідэра БелаПАН.

Еўрарадыё пісала пра імперскія амбіцыі Расіі ў дачыненні да Беларусі. Чытайце пра гэта ў інтэрв'ю з аналітыкам Сяргеем Чалым.