Лябедзьку не выпусцілі за мяжу з-за крымінальнай справы 2004 года

Сёння беларускія памежнікі адмовілі ў выездзе лідэру Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолю Лябедзьку.
Палітык накіроўваўся ў Вільню, каб сустрэцца з дэпутатамі літоўскага сейма. Па словах Лябедзькі, напрыканцы 2007 года ён не змог атрымаць штамп на выезд за мяжу з-за крымінальнай справы, распачатай у 2004 годзе.

Нягледзячы на гэта, пракуратура дазволіла яму выязджаць за межы Беларусі, але з краіны яго ўсё адно не выпускаюць.

Анатоль Лябедзька:
“Я атрымаў дзве паперы, што пракуратура не мае да мяне прэтэнзій, каб абмяжоўваць маё права на перамяшчэнне. Разам з тым, я атрымаў паперу ад аддзела па грамадзянстве і міграцыі, дзе было напісана, што яны не выдалі мне пашпарт з дазвольным штампам, таму што супраць мяне распачата крымінальная справа”.