Лётчыкам, затрыманым у Тайландзе, больш не пагражае смяротная кара

З лётчыкаў самалёта Іл-76, затрыманага ў Тайландзе, знятыя абвінавачванні ў захоўванні выбуховых рэчываў. Пра гэта "Інтэрфаксу" паведаміў афіцыйны прадстаўнік МЗС Казахстана Аскар Абдрахманаў. Па абвінавачанні ў захоўванні выбуховых рэчываў лётчыкам пагражала смяротная кара. Як адзначае казахстанская дыпламатычная місія ў Тайландзе, цяпер па выстаўленых лётчыкам абвінавачваннях пакаранне ім можа скласці да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Нагадаем, самалёт Іл-76, які рухаўся з Паўночнай Карэі, быў затрыманы падчас дазапраўкі ў Бангкоку ў снежні мінулага года. У складзе экіпажу грамадзянін Беларусі Міхаіл Петухоў і трое грамадзян Казахстана. На борце самалёта выяўлена 35 тон зброі.