Людмілу Атакулаву асудзілі на 10 сутак за ўдзел у акцыі каля амбасады Расіі

Актывістка "Маладога Фронту" Людміла Атакулава асуджана на 10 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі каля расійскай амбасады ў Мінску 11 жніўня.
Такое рашэнне сёння прыняў суд Цэнтральнага раёна Мінска. Дзяўчыну абвінавацілі ў парушэнні правіл правядзення масавых мерапрыемстваў.

Нагадаем, акцыя, арганізаваная "Маладым фронтам", прайшла 11 жніўня і працягвалася прыкладна 15 хвілін. Яе ўдзельнікі — каля паўтара дзясяткаў маладых людзей — патрабавалі "спыніць расійскую агрэсію ў адносінах да Грузіі" і перадалі ў дыппрадстаўніцтва зварот на імя амбасадара.

Супрацоўнікі міліцыі затрымалі чатырох актывістаў, але траіх адпусцілі, паколькі яны непаўналетнія. На Атакулаву быў складзены пратакол. Мінулую ноч яна правяла за кратамі.

БелаПАН