Маці Зміцера Буланава непакоіцца за жыццё зняволенага хворага сына

У скарзе жанчына прыводзіць факты, што з-за скразнякоў у камеры ў Зміцера актывізаваўся рэўматызм, што ў сваю чаргу прыводзіць да запалення горла, і ўскладненняў на клапаны сэрца, ныркі і суставы. Акрамя гэтага ён мае складаныя алергічныя рэакцыі. Курс лячэння, які ён праходзіць у ізалятары палёгкі не прыносіць, а толькі пагаршае агульны стан. Ён піша маці, што "у выніку стала горш – галаўны боль, бяссонне, пачуццё сціснутасці ў грудной клетцы. Асабліва пад вечар – засынаю толькі з рынзасіпам", паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".

18 лютага праз адваката сын перадаў маці, што не змог самастойна падняцца з ложка з-за моцных болей у суставах. Сукамернікі запатрабавалі доктара, які зрабіў укол дыфлакенака. А вязня паабацалі перавесці  ў спецыялізаваны шпіталь. Аднак па стане на 19 лютага ён заставаўся ў ізалятары, праўда ў іншай камеры.

У такой сітуацыі, - паведамляе Клаўдзія Буланава у скарзе, - "мой сын знаходзіцца на мяжы страты не толькі здароўя, але і жыцця, паколькі ўмовы ўтрыманьня ў СІЗА №1 не даюць магчымасці аднавіць здароўе нават пры прыёме медыцынскіх прэпаратаў".

Да скаргі жанчына прыклала эпікрыз аб стане здароўя і акт даследваньня здароўя Зміцера.

Яна звяртаецца да пракурора,  улічваючы значнае пагаршэнне здароўя сына, разгледзець пытаньне пра змяненьне меры стрыманьня на падпіску аб невыездзе.

Зміцер Буланаў быў затрыманы на плошчы Незалежнасці і асуджаны на 10 сутак. 12 студзеня ен быў ізноў змешчаны ў ІЧУ на Акрэсціна, а з 14 студзеня пад вартай у следчым ізалятары №1 на вуліцы Валадарскага. Увесь час знаходзіўся ў перапоўненай камеры, дзе агулам утрымліваецца каля трыццаці чалавек.