Махляры крадуць грошы ў беларускіх турыстаў, якія тэлефануюць дамоў

Беларускія турысты, якія знаходзяцца за мяжой, не могуць датэлефанавацца дадому з мабільнага. Калі набіраецца беларускі нумар, то ў трубцы чуецца голас незнаёмага чалавека, які просіць “пачакаць хвілінку”.
Увесь гэты час чуюцца нейкія гукі, нібыта працуе тэлевізар, а злучэння з тым, каму вы тэлефанавалі, так і не адбываецца. У выніку з карткі знікае шмат грошай. Па словах галоўнага рэдактара сайта аб мабільных тэхналогіях onliner.by Віталя Шураўкі, гэта махлярства.

Ён адзначае, што практычна ўсе званкі ў Беларусь з-за мяжы ідуць праз IP-тэлефанію, гэта значыць — па інтэрнэце. Калі вы, знаходзячыся ў іншай краіне, набіраеце нумар тэлефона, мясцовы аператар накіроўвае званок у сусветную сетку. Далей званок трапляе ў гейт, дзе званок накіроўваецца ў Беларусь.

Верагодна, уладальнікі гейтаў, замест таго, каб перанакіраваць званок патрэбнаму абаненту, уключаюць у "эфір" розныя запісы або проста доўгія гудкі. Такім чынам яны арганізоўваюць "званкі ў нікуды". Паколькі абанент працяглы час знаходзіцца на лініі, а міжнародныя званкі каштуюць дорага, то ў кішэню махляроў трапляе шмат грошай, паведамляе “СБ”.