Максім Мірны, нягледзячы на нізкі рэйтынг, патрапіў на Алімпіяду ў Пекіне

На Алімпіядзе ў Пекіне выступіць беларускі тэнісіст Максім Мірны. Паводле рашэння Міжнароднай тэніснай федэрацыі, яму прадастаўленая так званая "уайлд кард" ("дзікая карта") для ўдзелу ў адзіночным разрадзе.  Нагадаем, з-за нізкага рэйтынгу 30-гадовы Мірны мог толькі такім чынам патрапіць на Алімпійскія Гульні. Яго (і Уладзіміра Ваўчкова) ўдзел у парных спаборніцтвах пакуль застаецца пад пытаннем. Канчатковае рашэнне Міжнароднай тэніснай федэрацыі ў гэтай справе чакаецца ў бліжэйшыя дні.

У жаночым алімпійскім турніры Беларусь будуць прадстаўляць тры спартсменкі. У адзіночным разрадзе згуляюць Вікторыя Азаранка і Вольга Гаварцова, а ў парных спаборніцтвах Азаранка выступіць у дуэце з Таццянай Пучак.

XXIX летнія Алімпійскія гульні пройдуць у Пекіне з 8 па 24 жніўня, спаборніцтвы тэнісістаў запланаваныя на 10-17 жніўня.

БЕЛТА