Марын Лё Пэн выключае бацьку з партыі, якую ён заснаваў
Сяброўства Жан-Мары Лё Пэна ў партыі "Нацыянальны фронт" прыпыненае. Яго могуць зняць з пасады ганаровага старшыні арганізацыі.
Французская ультраправая партыя "Нацыянальны фронт" паведаміла аб прыпыненні сяброўства яе заснавальніка, Жан-Мары Лё Пэна. На працягу трох месяцаў партыя правядзе сход, на якім плануецца зняць Лё Пэна з пасады ганаровага старшыні "Нацыянальнага фронту", перадае РБК.
Нагодай сталі выказванні заснавальніка і экс-старшыні партыі пра газавыя камеры, якія нацысты ўжывалі падчас Другой Сусветнай вайны. Па словах Лё Пэна, гэта з'яўляецца "звычайнай дэталлю гісторыі".
Перад гэтым, на пачатку красавіка, Жан-Мары Лё Пэн выказаўся ў падтрымку маршала Анры-Філіпа Петэна, які у Другую Сусветную вайну ўзначальваў рэжым Вішы і супрацоўнічаць з гітлераўскай Нямеччынай.
Цяперашняя лідарка партыі Марын Лё Пэн прапанавала адхіліць яе бацьку ад удзелу ў рэгіянальных выбарах і абвінаваціла ў спробе нашкодзіць партыі. Яна заявіла, што больш не хоча, каб словы заснавальніка "Нацыянальнага фронту" гучалі ад імя партыі. Сам 86-гадовы палітык кажа, што не збіраецца спыняць палітычную дзейнасць і сыходзіць з пасады ганаровага старшыні.
Жан-Мары Лё Пэн заснаваў "Нацыянальны фронт" у 1972 годзе і да 2011 года ўзначальваў яго. У 2011 годзе ён саступіў пасаду старшыні партыі сваёй дачцэ Марын.
Фота — AFP