Маскоўская журналістка: У аўтазаку затрыманых білі за спробу варухнуцца

Марыя Антонава, карэспандэнтка агенцтва "Франс-прэс", якая была затрымана ў Мінску, патэлефанавала Еўрарадыё з Масквы. Учора яна была вызваленая пасля шматлікіх гадзінаў, праведзеных у аўтазаку і камеры, і ўжо вярнулася ў расійскую сталіцу. Антонава распавяла ў жывым эфіры Еўрарадыё пра абставіны свайго затрымання, а таксама пра тое, што перажыла за кратамі. 
Паводле слоў Марыі Антонавай, апоўначы з нядзелі на панядзелак яна ішла ў гатэль, калі была затрыманая каля галоўпаштамта ў Мінску. Супрацоўнік у цывільным загадаў спецназаўцам затрымаць яе. Наяўнасць акрэдытацыі нікога не цікавіла.

У аўтазаку, куды патрапіла журналістка, былі ўжо 9 чалавек. Яны сядзелі на падлозе і трымалі рукі на галаве. За любую спробу варухнуцца хлопцаў білі, кажа Антонава. Ёй, як адзінай дзяўчыне ў аўтазаку, дазволілі сесці на лаўку. 

Каля гадзіны аўтазак прастаяў на Акрэсціна, а пасля іх павезлі ў Ленінскі РУЎС. Такім чынам у машыне затрыманыя правялі каля 2 гадзін. Спецназаўцы глядзелі расійскі пашпарт Марыі Антонавай і кпілі з яе. 

"У аўтазаку быў хлопец, у якога быў прыступ астмы. Яны яго таксама прымушалі сядзець, хоць яму было цяжка дыхаць. Толькі ў РУЎС яму далі інгалятар, праз 2,5 гадзіны", — расказвае маскоўская журналістка.

Пасля затрыманыя сядзелі ў падвале Ленінскага РУЎС. Іх было каля 90 чалавек. У суд усіх павезлі толькі а 12-й гадзіне дня. 

"Са мной быў яшчэ адзін расіянін — у гэтую ноч ён мусіў ехаць у Маскву, а пасля ляцець у Сібір, меў дарагі білет. Патрабаваў звязаць яго з расійскім пасольствам. Ён не быў журналістам, быў проста праездам у Мінску. Са мной быў журналіст Радыё Свабода, здаецца, інвалід", — расказвае Антонава.

Толькі праз 7 гадзін пасля затрымання былі складзеныя "нейкія ліпавыя пратаколы". Антонава пратакол не падпісвала. "Нас не білі, але пастаянны прэсінг адчуваўся", — расказвае яна. Калі складалі пратакол, спецназаўцы "знаёміліся" з тымі, на каго давалі паказанні. "Спецназавец запісвае свае паказанні, глядзіць на мяне і апісвае як я выглядаю", сведчыць журналістка.

У судзе па вуліцы Сямашкі жанчын і мужчын змясцілі асобна. Антонава патрапіла ў камеру памерам метр на два метры. Там яна правяла пяць гадзінаў. У выніку, яе выпусцілі — за сваю супрацоўніцу турбавалася маскоўскае бюро агенцтва "Франс-прэс".