Мастаку адмовілі ў экспазіцыі з прычыны “недастатковай беднасці” (фота)

Юбілейная выстава выбітнага графіка Алеся Фалея ў Музеі сучаснага мастацтва ў Мінску не адбудзецца. Прычына — недастатковае фінансаванне.  Мастак двойчы прасіў фінансавай дапамогі ў Баранавіцкім гарвыканкаме. З аддзела культуры прыйшлі дзве адмовы. У першай паведамлялася: “Вы не з’яўляецеся штатным супрацоўнікам, а аддзел культуры — арганізацыя бюджэтная”. Другая, за подпісам старшыні райвыканкаму Віктара Дзічкоўскага, адзначала: “Гарвыканкам аказвае дапамогу толькі маламаёмасным і тым, хто часова церпіць нястачу”.

Між тым, толькі на зашкленне карцін для выставы патрэбныя 1,5 млн рублёў.  





Алесь Фалей — адзін з самых вядомых беларускіх графікаў, сябра Міжнароднай Акадэміі графікаў. На біенале ў Пецярбургу ён атрымаў першае месца сярод 2 тысяч мастакоў з усяго свету. Ягоныя працы знаходзяцца ў дзяржаўных музеях Беларусі, ва ўніверсітэце візуальных мастацтваў у Корку (Ірландыя), у прыватных калекцыях у ЗША, Літве, Нямеччыне, Расіі, Фінляндыі, Францыі, Шатландыі і інш. Сам творца жыве і працуе ў Баранавічах.