"Маўчанне Беларусі па Асеціі можа абвастрыць эканамічную сітуацыю"

Якімі будуць наступствы расійска-грузінскага канфлікту для Беларусі? На карысць ці на шкоду афіцыйнаму Мінску доўгае маўчанне па асяцінскай сітуацыі? Пра гэта Еўрарадыё запытала экспертаў-палітолагаў. Маўчанне Беларусі наконт сітуацыі ў Паўднёвай Асеціі можа палепшыць нашыя адносіны з Еўропай і ЗША. Такое меркаванне ў інтэрв'ю Еўрарадыё выказаў палітолаг Юры Шаўцоў. Кіраўнік праекту www.imperiya.by Юрый Баранчык упэўнены, што залішняя стрыманасць негатыўна адаб’ецца на эканоміцы Беларусі. І нават прыпозненая падтрымка тут не дапаможа.

Палітолаг Юры Шаўцоў лічыць абраную пазіцыю Беларусі досыць граматнай. Паводле яго слоў, такім чынам мы можам палепшыць адносіны з Еўропай і ЗША. Але ў доўгатэрміновай перспектыве рызыкуем нажыць сабе ворага...:

“У кароткатэрміновай перспектыве, можа, нават у сярэднетэрміновай, гэтая пазіцыя дасць Беларусі вельмі добрыя вынікі. Я ўпэўнены, што маўчанне Беларусі дасць добры вынік у накірунку паляпшэння адносінаў з Еўропай і, мажліва, ЗША.

Але ў гэтага маўчання ёсць вельмі доўгатэрміновы негатыў, бо яно ўсё болей інтэрпрэтуецца Расіяй як цывілізацыйная здрада. І калі мы будзем успрымацца Расіяй як краіна, якая здрадзіла, – мы атрымаем ворага на Ўсходзе”.

Спадар Шаўцоў лічыць верагодным, што Расія адмовіцца падтрымліваць Беларусь на міжнароднай арэне. Як кажуць, зуб за зуб. А для нас – гэта вельмі істотна:

“У будучыні Расія можа і не падтрымаць Беларусь на міжнароднай арэне. І з нашага боку да Расіі ёсць прэтэнзіі, што падчас Беларуска-Амерыканскага канфлікту, які цягнецца ўвесь год, Расія ні разу нас адкрыта не падтрымала. Але трэба прызнаць, што нашая вага ў гэтым тандэме Беларусь-Расія меншая за Расію. І калі Расія нас перастане сапраўды падтрымліваць на міжнароднай арэне – гэта будзе цяжка...”.

Палітолаг таксама адзначыў, што “маўчанне” можа адбіцца і на расійскіх цэнах на газ для Беларусі. Менавіта на гэта, на яго думку, і намякаў амбасадар Расіі Аляксандр Сурыкаў:

“Я думаю, што Сурыкаў меў на ўвазе перамовы па цэнах на газ у 2009 годзе, якія павінны адбыцца 14-га чысла паміж Сідорскім і Пуціным. І Сурыкаў меў на ўвазе перш за ўсё, я упэўнены, вынікі гэтых перамоваў”.

Магчыма, на нейтральную пазіцыю Беларусі паўплывалі надыходзячыя выбары, мяркуе палітолаг Сяргей Панькоўскі:

“Магчыма, гэта звязана не толькі з заяўленай неабходнасцю палепшыць адносіны з ЗША, але і са спробай атрымаць нейкія дадатковыя дывідэнды напярэдадні парламенцкіх выбараў...”

А ўвогуле, паводле слоў спадара Панькоўскага, рашэнні беларускага ўраду прадказаць вельмі складана. Таму не варта тут шукаць нейкіх рацыянальных тлумачэнняў — проста настрой быў такі:

“Я думаю, што беларуская палітыка ў цэлым даволі імпульсіўная. Тут няма нейкіх стратэгічных тэндэнцый, якія можна адсочваць. Менавіта з-за таго, што Беларусь з’яўляецца аўтарытарнай краінай – рашэнні прымаюцца адным чалавекам. Таму яна можа быць даволі непрадказальнай.

Тут, магчыма, няма ніякіх рацыянальных тактычных тлумачэнняў... а проста вось.. настрой быў такі”.

Кіраўнік праекту www.imperiya.by Юрый Баранчык адмовіўся называць маўклівую пазіцыю Беларусі нейтральнай. Ён лічыць, што адсутнасць падтрымкі з боку Беларусі шмат пра што сказала Расіі:

“Такую пазіцыю Беларусі нельга назваць нейтральнай. Я лічу, што гэта абсалютна няправільна. Гэта абсалютна не саюзніцкая пазіцыя. Як саюзнік Беларусь павінна была адразу ж адрэагаваць і выказаць сваю падтрымку расійскаму ўраду, а расійскаму народу — спачуванні ў сувязі з генацыдам”.

Паводле слоў Юрыя Баранчыка, запозненая рэакцыя Беларусі ўжо нікому не патрэбная. І такія паводзіны могуць толькі абвастрыць эканамічную сітуацыю ў нашай краіне:

“Беларускае кіраўніцтва адрэагавала толькі пасля таго, як Расія па сутнасці на гэтай справе паставіла кропку. Такая падтрымка, калі яна ўжо непатрэбная – нічога не вартая. Гэта быў ужо запознены жэст.

І заява Сурыкава сведчыць не пра тое, што яны чакалі падтрымкі, не. Гэтым выступам Сурыкава яны зафіксавалі тое, што падтрымкі на працягу гэтых пяці дзён ад беларускага кіраўніцтва не было.

Я думаю, што такія паводзіны могуць выклікаць абвастрэнне эканамічнай сітуацыі ў Беларусі. У сувязі з тым, што хутчэй за ўсё расійскае кіраўніцтва прыме рашэнне аб павышэнні для Беларусі цэнаў на газ”.

Вельмі проста маўклівую пазіцыю Беларусі патлумачыў старшыня камісіі па міжнародных справах Савета Рэспублікі Беларусі Мікалай Чаргінец. Паводле яго слоў, прычына простая – прэзідэнт быў на Алімпіядзе, а без яго ніхто нічога не мог сказаць:

“Што тычыцца паўзы з рэагаваннем з беларускага боку, магчыма, гэта звязана з тым, што кіраўнік дзяржавы знаходзіўся ў Пекіне. У краіне галоўны чалавек, які вызначае знешнюю палітыку, – гэта прэзідэнт... Магчыма, таму мясцовыя кіраўнікі чакалі, вывучаючы абстаноўку...”


Фота - www.tut.by