Міхаіла Жураўкова запрасілі на саміт еўрапейскіх міністраў адукацыі
Запрашэнне афіцыйнае.
Пытанне аб уключэнні Беларусі ў балонскі працэс будзе абмяркоўвацца на паседжанні міністраў адукацыі краін агульнаеўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Мерапрыемства адбудзецца 14-15 траўня ў сталіцы Арменіі Ерэване. Паводле прэс-службы Мінадукацыі, кіраўнік ведамства Міхаіл Жураўкоў атрымаў афіцыйнае запрашэнне на гэты саміт.
Як раней заяўляў беларускі міністр, фактычна ўсе прынцыпы Балонскай дэкларацыі Беларусь выконвае і таму гатовая пацвердізць свой удзел у еўрапейскім адукацыйным працэсе.
Паводле Жураўкова, Беларусі засталіся “толькі фармальнасці”. Цяпер практычна ў кожнай ВНУ існуе крэдытная сістэма, а таксама ёсць магчымасць развіваць уключанае навучанне і выдаваць двайныя дыпломы. З замежнымі ВНУ падпісаныя пагадненні, таму Беларусь можа перайсці на Балонскую сістэму “хоць заўтра”, цытуе ранейшыя выказванні міністра TUT.by