А. Міхалевіч: Я вагаўся б паміж працай у дзвюх камісіях Палаты прадстаўнікоў

Карэспандэнт “Еўрарадыё” Зміцер Панямонаў правёў кандыдата ад АДС Алеся Міхалевіча да урны ў Старавіленскай акрузе № 105 г. Мінска.
Еўрарадыё: - Ці ёсць у Вас самога выбар, за каго галасаваць?

А.Міхалевіч: - У мяне праблемаў не было. У маёй акрузе балатуецца старшыня АГП, сустаршыня АДС Анатоль Лябедзька. За яго я і прагаласаваў.

Еўрарадыё: - А якая сітуацыя ў Вашай акрузе?


А.Міхалевіч: - У сваёй выбарчай акрузе я не збіраюся з’яўляцца ў дзень выбараў. Гэта не асабліва вітаецца выбарчымі камісіямі. Але ў другой палове дня я буду ў сваім выбарчым штабе, куды сцякаецца інфармацыя ад давераных асобаў пра тое, як ідуць выбары, дзе ёсць нейкія парушэнні. А бліжэй да вечара чакаецца інфармацыя пра тое, як ідзе галасаванне і нейкія ўжо вынікі падлікаў галасоў.

Еўрарадыё: - Як вы ставіцеся да паведамленняў пра тое, што, нібыта, Вы разам з чатырма іншымі апазіцыянерамі - на чале спісу “прахадных” кандыдатаў, прадстаўленых Адміністрацыі прэзідэнта і зацверджаных міжнароднымі назіральнікамі?

А.Міхалевіч: - Я да такіх паведамленняў сур’ёўна не стаўлюся. Я ніякіх спісаў не бачыў, са мной ніякіх кансультацыяў ніхто на гэты тэмат не вёў. Калі ж нейкія перамовы адбываюцца, і дзякуючы ім ён стане дэпутатам, то адмаўляцца ад мандату не буду. Гэта дало б магчымасць працаваць з выбарцамі і займацца палітыкай і законатворчасцю. Скажу па сакрэце, што я вагаўся б паміж працаю між дзьмюма камісіямі: па нацыянальнай бяспецы і па адукацыі.

Еўрарадыё: - Ці хапае ў Вас назіральнікаў на ўчастках?

А.Міхалевіч: - У мяне паважныя людзі ў давераных асобах, між імі - Аляксандр Мілінкевіч, супрацоўнікі НДА, БАЖ. Шмат валанцёраў, якія не атрымалі неабходных папераў, але будуць знаходзіцца паблізу выбарчых участкаў, сачыць за тым. што адбываецца і перадаваць назіранні давераным асобам і кандыдатам.