Мікалай Мірны: 98%, што Максім Мірны і Уладзімір Ваўчкоў паедуць на Алімпіяду

Беларускія тэнісісты Максім Мірны і Уладзімір Ваўчкоў могуць паехаць на Алімпійскія гульні ў Пекін, нягледзячы нават на нізкі рэйтынг сярод тэнісістаў-прафесіяналаў. Нагадаем, Мірны цяпер займае 254 месца ў адзіночным разрадзе і 22-е - у парным. У Ваўчкова значна горшы рэйтынг, у адзіночным разрадзе ён 388-ы. Каб рэйтынг у беларускіх тэнісістаў быў высокі, дык на Алімпіяду яны патрапілі б аўтаматычна, цяпер жа яны чакаюць рашэння чыноўнікаў з Сусветнай тэніснай асацыяцыі.

Як стала вядома Еўрарадыё, Беларуская тэнісная асацыяцыя рыхтуе заяўку, у якой пазначана, што Мірны мог бы выступіць на Алімпіядзе ў адзіночным разрадзе, а ў парным нашу краіну ён прадставіць разам з Уладзімірам Ваўчковым.

Вось што кажа ў інтэрв'ю Еўрарадыё бацька Максіма Мікалай Мірны:

"Папярэднія дамоўленасці з міжнароднай арганізацыяй ёсць. Многа шансаў для таго, каб гуляць Алімпіяду ў іх у пары і ў яго ў адзіночцы ёсць. Гэта такая інфармацыя, якую я чуў ад самых галоўных людзей, ад якіх залежыць гэтае спецыяльнае запрашэнне. Яны казалі, што шансы вялікія... 98%".

Афіцыйны адказ у справе Мірнага і Ваўчкова мусіць быць дасланы ў Мінск да 2 ліпеня.