Міліцыя палюе на спекулянтаў, якія гандлююць білетамі на матч БАТЭ - "Зеніт"

Факты спекуляцыі білетамі на матч Лігі чэмпіёнаў БАТЭ - "Зеніт" выявіла мінская міліцыя. У прыватнасці, былі затрыманыя два студэнты сталічных ВНУ, якія гандлявалі праз інтэрнэт білетамі, набытымі ў касах барысаўскага стадыёна і мінскага стадыёна "Дынама". Адзін з хлопцаў прадаў два білеты, якія набыў за 10 тысяч рублёў, за 180 тысяч. Іншы прадаваў такія білеты за 210 тысяч рублёў. Пакупнікамі аказаліся супрацоўнікі ўпраўлення па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі ГУУС Мінгарвыканкама.

Таксама за спекуляцыю былі затрыманыя яшчэ двое маладых людзей - аператар сталічнага камп'ютэрнага клуба і электрамантажнік. За білет, які ў касах каштаваў 50 тысяч рублёў, яны прасілі 180 тысяч, а за білет коштам 10 тысяч рублёў - 120 тысяч.

У адносінах гэтых асобаў складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні, ім пагражаюць штрафы. Як адзначае БЕЛТА, праваахоўныя органы папярэджваюць, што калі на працягу года парушальнік двойчы будзе злоўлены на "незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці", яму пагражае крымінальная адказнасць.