Міліцыя затрымала збіральнікаў подпісаў у абарону касцёлу св.Язэпа

4 верасня ўвечары міліцыя затрымала Паўла Севярынца, сустаршыню аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя. Разам з ім затрымалі яшчэ двух актывістаў аргкамітэту — Яўгена Корсака і Сяргея Васільева. Яны збіралі ў цэнтры Мінску подпісы ў абарону касцёла святога Язэпа, паведамляе БелаПАН. Затрыманых апазіцыянераў даставілі ў Маскоўскае аддзяленне міліцыі. Там знялі на відэа, узялі адпячаткі пальцаў. Сабраныя 20 подпісаў канфіскавалі, пасля чаго Севярынца і яго паплечнікаў адпусцілі без складання пратаколу аб адміністратыўным правапарушэнні. Гэта першы выпадак, калі затрымліваюць удзельнікаў кампаніі збору подпісаў у абарону храма.

24 чэрвеня ўпаўнаважаны ў справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка не выключыў, што касцёл святога Язэпа, у якім цяпер працуюць музэі-архівы, аддадуць вернікам. Але 4 жніўня галоўны інжынер прадпрыемства “Мінская спадчына” Міхаіл Жых заявіў пра іншае: у будынку касцёлу зробяць гатэль.