Міліцыянты забаранілі "някляеўцам" глядзець футбол

41 актывіст кампаніі "Гавары праўду!" не здолеў паглядзець футбольны матч Беларусь-Румынія. Іх затрымалі перад пачаткам гульні пры ўваходзе на стадыён. Пра гэта Еўрарадыё распавяла прэс-сакратар кампаніі Юлія Рымашэўская:

Рымашэўская: "У асноўным затрымлівалі на трыбунах. Часам падыходзілі і прасілі расшпіліць куртку. Калі бачылі майку з надпісам "Гавары праўду!" ці ўсё, што датычыць слова "праўда" (бо шмат маек з розным тэкстам ёсць), то затрымлівалі і адвозілі ў Ленінскі РУУС".

Па словах Рымашэўскай, міліцыянты жорстка абышліся з Алегам Мяцеліцам. Іншаму хлопцу, які адмовіўся здаваць адбіткі пальцаў, парвалі кашулю. Затрыманых пратрумалі ў пастарунку 5 гадзінаў, не складаючы пратаколаў.

Рымашэўская адзначыла, што актывісты кампаніі не планавалі ніякай акцыі падчас матчу. Увагу праваахоўнікаў, на яе думку, магло прыцягнуць толькі тое, што актывісты трымаліся разам.