Мілінкевіч: Патрэбныя канкрэтныя і жорсткія санкцыі ў дачыненні да ўлады

Апошнія падзеі ў Беларусі закранулі беларускіх грамадзян, а асабліва палітыкаў. Падчас выбараў улада зразумела, што яна нашмат слабейшая, чым уяўляла раней. Большасць не падтрымала ўладу на выбарах. З такой заявай Аляксандр Мілінкевіч выступіў сёння ў Еўрапарламенце. “Улада выкарыстала правакацыі, каб пачаць надзвычай жорсткую барацьбу супраць апазіцыі. Цяпер 31 чалавек знаходзіцца ў КДБ. Пасля суда ім могуць даць да 15 год турмы. У турме таксама пабывалі 700 маладзёнаў, амаль усе яны студэнты.

У нас трэба падзяляць людзей на дзве часткі: таталітарная ўлада, якая здзяйсняе рэпрэсіі і насельніцтва ў 10 мільёнаў беларусаў. Для беларусаў варта быць адкрытымі. Тое, што тычыцца лібералізацыі візавага рэжыму. Для нас візы каштуюць амаль у два разы больш, чым для расіян, кошт трэба зменшыць. Ёсць незалежныя СМІ, якія працуюць у цяжкіх умовах, іх трэба падтрымліваць. Трэба арганізоўваць абмен паміж студэнтамі. Усё гэта прадэманструе, што Еўропа адкрыта для беларусаў.

Цяпер патрэбныя канкрэтныя, дакладныя, жорсткія санкцыі ў дачыненні да ўлады. Што можна зрабіць? Гэта дыпламатычныя, палітычныя, часам эканамічныя санкцыі. Але тут трэба разумець, што эканамічныя санкцыі могуць закрануць звычайных людзей. Тут трэба быць уважлівымі.

Трэба пашырыць ліст з імёнамі чыноўнікаў, забараніць ім ўезд у Еўропу. Цяпер у гэтым лісце 40 асобаў. Трэба пашырыць. Гэта маральна кранае людзей, якія працуюць ва ўладзе. Таксама трэба зрабіць усё мажлівае, каб не кантактаваць з беларускай уладай на ўзроўні міністраў, каб прадэманстраваць, што Еўропа не адступіць ад стандартаў, і не зменіць маральным нормам”.