Мінэканомікі: Рознічныя кошты на гарэлку і цыгарэты застаюцца ранейшымі

Міністэрства эканомікі Беларусі захавала рознічныя кошты на гарэлку і тытунёвыя вырабы на ўзроўні дзейных рознічных коштаў для рэалізацыі насельніцтву, якія ўключаюць падатак з продажаў. Гэта прадугледжана пастановамі Мінэканомікі №202 і №205, паведамляе БЕЛТА. Гэтыя пастановы прынятыя ў сувязі са зменай падатковага заканадаўства і адменай падатку з продажаў тавараў у рознічным гандлі і прадугледжваюць адпаведныя змены ў прэйскурантах рознічных коштаў на гарэлку і тытунёвыя вырабы.

Нагадаем, у канцы снежня 2009 года ў Беларусі выраслі рознічныя кошты на гарэлку і мінімальныя адпускныя кошты на іншыя алкагольныя напоі моцнасцю вышэй за 28% у сярэднім на 5%. Гэта рашэнне было прынятае з улікам прапановаў "Белдзяржхарчпраму", каб кампенсаваць павелічэнне ставак акцызаў на гарэлку ды іншую алкагольную прадукцыю. Стаўкі акцызаў на піва, алкаголь і тытунёвыя вырабы ўзраслі ў Беларусі з 1 студзеня.