Мінэнерга: газаправод у барысаўскім доме адпавядаў тэхнічным патрабаванням

Мінэнерга: газаправод у барысаўскім доме адпавядаў тэхнічным патрабаванням

Газаправод у барысаўскім шматпавярховым доме, дзе загінулі 6 чалавек, адпавядаў тэхнічным патрабаванням. Пра гэта ў Facebook паведамляе Міністэрства энергетыкі. Адзначаецца, што 28 студзеня Следчы камітэт сумесна з прадстаўнікамі шэрагу міністэрстваў і ведамстваў (у тым ліку і "Белтапгазу") завяршылі шэраг практычных эксперыментаў для вызначэння магчымых версій гібелі людзей, якая адбылася 26-27 студзеня.

Падчас следчых эксперыментаў адбіраліся пробы прыроднага газу для вызначэння яго складу. Былі праведзеныя выпрабаванні газаправода ў пад'ездзе, у якім адбылася трагедыя. Па іх выніках і было пацверджана, што газаправод адпавядае тэхнічным патрабаванням і нарматывам. Былі забраныя для правядзення стэндавых выпрабаванняў тры воданагравальнікі. Спецыялісты правялі папярэднія даследаванні дымавых і вентыляцыйных каналаў.

Праца Следчага камітэта працягваецца, адзначае Мінэнерга.

Як паведамляла Еўрарадыё, 27 студзеня ў Барысаве ў адной з кватэр знайшлі целы мужчыны і жанчыны. Пазней у кватэры на паверх ніжэй былі знойдзеныя целы яшчэ чатырох чалавек, сярод іх 10-гадовага хлопчыка і 17-гадовай дзяўчынкі. Сярод версій, якія разглядала следства, была няспраўнасць газавага абсталявання. Крымінальную справу распачалі па факце неналежнага выканання службовых абавязкаў службовымі асобамі "Барысаўміжрайгазу".