Міністр замежных спраў Польшчы: Лукашэнка не выйграў выбараў
Спасылаючыся на крыніцы, якім "давярае", Радаслаў Сікорскі заявіў, што Аляксандр Лукашэнка не перамог на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі.
У інтэрв'ю "Газеце Выборчай" Сікорскі заявіў: "Існуе верагоднасць таго, што Лукашэнка гэтых выбараў не выйграў. Паводле звестак, атрыманых намі ў пачатковай фазе выбараў было 30% галасоў, а ў нядзелю гэты вынік дасягнуў 40%. Гэта быў найлепшы вынік сярод усіх кандыдатаў, але не перамога ў першым туры. Чалавек, які перамог на выбарах, паводле афіцыйных звестак, з такім вялікім адрывам [79%, паводле ЦВК], не прымаў бы рашэння аб такім жорсткім разгоне апазіцыі, арышце праціўнікаў".
У тэлевізійнай праграме "Кропка над і" міністр замежных спраў выказаўся яшчэ больш рэзка: "Паводле звестак з крыніц, якім мы давяраем, прэзідэнт Лукашэнка гэтых выбараў не выйграў", паведамляе газета "Наша Ніва".