Міністры замежных спраў Еўропы абмяркуюць сітуацыю ў Беларусі?
Дэпутат сейма Літвы Пятрас Аушравічус прапанаваў правесці пазачарговую сустрэчу міністраў замежных спраў Еўропы па абмеркаванні сітуацыі ў Беларусі.
Такая прапанова прагучала 29 снежня падчас слуханняў па Беларусі ў літоўскім парламенце, перадае БелаПАН са спасылкай на інтэрнэт-партал delfi.lt.
На думку Аушравічуса, сустрэча міністраў неабходна, каб "перагледзець палітыку ў дачыненні да беларускага рэжыму". "Самападман нас вядзе да далейшых памылак", — лічыць ён. Дэпутат выказаў здзіўленне тым, што пад сумесным артыкулам кіраўнікоў МЗС Швецыі, Польшчы, Германіі і Чэхіі, апублікаваным у амерыканскай "Нью-Ёрк таймс", няма подпісу кіраўніка літоўскага МЗС Аўдронюса Ажубаліса.
Аушравічус падкрэсліў, што важны лёс кожнага арыштаванага ў Беларусі. Ён прапанаваў сабраць подпісы грамадзян Літвы з патрабаваннем вызваліць затрыманых. "Калі некаторыя палітыкі ў гэтай краіне маўчаць, гэта не азначае, што маўчаць грамадзяне. Трэба зрабіць гэта па ўсёй Еўропе", — лічыць дэпутат.