Мінкульт "наехаў" на папсу за "слабую літаратурную аснову"

Агульным недахопам у творчасці артыстаў сучаснай беларускай эстрады з'яўляецца слабая літаратурная аснова. Песні часта адрозніваюцца нізкім мастацкім узроўнем. Большасць музычных прадуктаў пазбаўленая якасцяў шлягера — яркая, запамінальная мелодыя і змястоўны тэкст. Такія меркаванні прагучалі падчас калегіі Мінкульта, прысвечанай развіццю музычна-эстраднага мастацтва.

"Часта гэта адбываецца праз тое, што музыку і тэксты пішуць самі выканаўцы, якія не валодаюць меладычным талентам і паэтычнымі здольнасцямі", — патлумачыў сумнае становішча на беларускай эстрадзе начальнік упраўлення мастацтваў Мінкульта Міхаіл Казловіч.

Яшчэ адна праблема складаецца ў тым, што ў рэгіёнах Беларусі часта паўтараюцца канцэрты адных і тых жа артыстаў, прычым з аналагічнымі праграмамі. Не адрозніваецца высокім прафесіяналізмам праца гукарэжысёраў на жывых канцэртах. Пакідае жадаць лепшага і ўзровень вакальнай падрыхтоўкі артыстаў эстрады, практычна адсутнічаюць прафесійныя джазавыя выканаўцы, паведамляе БелТА.