Мінскую студэнтку аштрафавалі за акцыю ў падтрымку Саюзу палякаў у Беларусі

Штраф у памеры 175 тысяч рублёў прысудзіла 24 лютага актывістцы аргкамітэта па стварэнні партыі "БХД" Ірыне Губскай адміністрацыйная камісія Фрунзенскага раёна Мінску. Камісія прызнала яе вінаватай у парушэнні правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў, паведамляе БелаПАН.

Губскую затрымалі ў ноч з 15 на 16 лютага ў Мінску. Тады маладыя апазіцыянеры правялі акцыю ў падтрымку нефармальнага СПБ пад кіраўніцтвам Анжалікі Барыс. Падчас акцыі ў цэнтры гораду — на будынках станцыі метрапалітэна "Плошча Леніна", Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Мінгарвыканкаму — з'явіліся бел-чырвона-белыя налепкі з надпісам Wolna Bialorus ("Вольная Беларусь").

Актывістку затрымала ахова Мінгарвыканкаму, затым прыехалі міліцыянты і даставілі Губскую ў Маскоўскае РУУС. Праз тры гадзіны яе выпусцілі.

18-гадовая студэнтка Ірына Губская вылучаная кандыдаткай у дэпутаты Мінгарсавету.