Мітрапаліта Філарэта няма сярод галоўных прэтэндэнтаў на пасаду патрыярха

Асноўнымі прэтэндэнтамі на пасаду патрыярха Рускай праваслаўнай царквы стануць мітрапаліты Кірыл (кіраўнік аддзела знешніх царкоўных сувязяў) і Клімент (кіраўнік справамі Маскоўскага патрыярхату). Пра гэта паведамляе газета "Коммерсантъ" са спасылкай на меркаванні ў царкоўных і экспертных колах. Такім чынам, мітрапаліт Філарэт, кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы, у лік галоўных прэтэндэнтаў не ўваходзіць. "Слабым" месцам мітрапаліта Філарэта называецца не толькі яго ўзрост - ён 1935 г. н., але і беларускае грамадзянства. Палітолагі мяркуюць, што ў сітуацыі абвастрэння адносінаў паміж Беларуссю і Расіяй яго шансы моцна змяншаюцца.

На наступны дзень пасля пахавання патрыярха Алексія II вышэйшыя царкоўныя іерархі РПЦ збяруцца на пазачарговае пасяджэнне сіноду. На ім будзе вызначаная дата правядзення Памеснага сабору, дэлегаты якога абяруць новага патрыярха.