Мітынг у Мінску: жыхары пратэстуюць супраць будоўлі пад вокнамі (фота)

Кандыдаты ў дэпутаты хутка скемілі і кінуліся дапамагаць сваім патэнцыйным выбарцам. Больш за 100 жыхароў дома №48 па вуліцы Прытыцкага, які месціцца ля ўваходу ў метро “Спартыўная”, выйшлі з пратэстамі на вуліцу. Яны зладзілі стыхійны мітынг супраць пабудовы медыцынскага цэнтру ў іх пад вокнамі. Дому 35 гадоў, стаіць ён на гары, пад ім ідзе метро. Жыхары ўсур’ёз баяцца, што калі пачнуць забіваць палі, дом можа абрынуцца. Таксама медыцынскі цэнтр закрые палову дома — і ў выніку людзі апынуцца ў цемры. Да таго ж, на месцы будоўлі знаходзіцца адзіная ў акрузе дзіцячая пляцоўка. Распавядае жыхар дома, які назіраў з’яўленне будаўнікоў.

Жыхар дома: "У пятніцу ў другой палове дня будаўнікі пачалі загароджваць пляцоўку. Падышлі машыны, хуценька разгрузілі: адныя разгружалі, другія ставілі платы, манціравалі агароджы, праходы. Рабілася ўсё вельмі якасна і хутка. Я такога яшчэ не бачыў ніколі: за некалькі гадзінаў разгарнуліся!.."

Спадар распавёў, што гісторыя ім знаёмая: тры гады таму на гэтым самым месцы ўжо хацелі будаваць медыцынскі цэнтр. Але тады неяк адбіліся.

Жыхар дома: "Тое, што было тры гады таму — адбілі тады наш дом. Цяпер зноўку вяртаецца тая будоўля, супраць якой мы пратэставалі. Толькі тады пайшлі размовы, мы сабралі подпісы супраць таго, каб тут будавалі пяціпавярховы будынак. Мы баімся, што дом не вытрымае пяціпавярховага будынка пад самымі вокнамі — дому 35 гадоў, пад намі ідзе метро, усё і так трасецца. Тады ўсё супакоілася. А тут, напэўна, думалі, што людзі на чатыры дні раз’ехаліся — і не будзе каму пратэставаць".

Людзі не хавалі абурэння. Калі пабачылі карэспандэнта з мікрафонам, кожнаму захацелася выказацца.

Дзед: "Я — супраць!.."

Жанчына:
"А вы паглядзіце: вось за 100 метраў адзін медыцынскі цэнтр, вось праз 100 метраў другі, вось насупраць стаматалагічная клініка… То бок у радыусе 100 метраў ужо існуе тры медыцынскія цэнтры! Нашто яшчэ адзін?!"

Пенсіянер:
"Будаваць тут немагчыма! Гэтая будоўля пазбаўляе жыхароў святла, дзетак — пляцоўкі. Пенсіянерам — вось я пенсіянер — выйсці няма куды. У мяне ўнук — куды я з ім выйду?! Гэта яны прыбіраюць, гэта ламаюць, тут загароджваюць. І мы знаходзімся дзе? Мы знаходзімся як у КПЗ!.."

Другі пенсіянер:
"У супрацьпажарным плане паглядзіце: дзе будзе будоўля, дзе дом, якая адлегласць… Калі, крый Божа, здарыцца які пажар — пад’ехаць немагчыма!.."

Ветэран вайны:
"Гэта свавольства!.. Я тут жыву, народ пачаў глядзець у вакно, хвалявацца!.."

Пенсіянер: "Будзем тады ўжо прасіць кіраўніка дзяржавы, каб умяшаўся кіраўнік дзяржавы і гэтае свавольства спыніў!"

Адметна, што ў гэтай сітуацыі імгненна скемілі кандыдаты ў дэпутаты. Дырэктарка мясцовай школы ўзначаліла ініцыятыўную групу па зборы подпісаў, піша зварот у выканкам. А дэпутат Вярхоўнага Савета 13 склікання Ўладзімір Нісцюк, які таксама балатуецца па гэтай акрузе, прыйшоў выслухаць людзей асабіста, бо жыве ў суседнім доме.

Уладзімір Нісцюк: "Сталі высвятляць, што тут такое. Тыя, хто кіруе працамі, паказалі паперы, дзе значыцца, што тут будзе будавацца шматпавярховы аздараўленчы цэнтр. Усе добра зразумелі, што ён закрые шмат якія вокны дома. Таму што будаўніцтва плануецца зусім побач з домам".

Уладзімір Пятровіч узяўся выканаць ролю пасярэдніка між абуранымі жыхарамі дома і ўладамі.

Уладзімір Нісцюк: "Выйшлі людзі. Каб яны не бунтавалі, не рабілі нейкіх памылак у стане ўзрушаным, трэба зараз накіраваць усё ў цывілізаванае рэчышча. Дамовіліся, што дэлегацыя пойдзе ў Адміністрацыю Фрунзенскага раёна, што дэлегацыя пойдзе да дзеючага дэпутата Мінгарсавета па гэтай акрузе Уладзіміра Акімавіча Краўчанкі (бацька Наталлі Пяткевіч — Еўрарадыё). А я ў сваю чаргу як сябра грамадскай кансультатыўнай рады пры Адміністрацыі прэзідэнта зараз паінфармую Адміністрацыю, што тут ёсць сумненні ў законнасці дзеянняў. І што ёсць неабходнасць правесці праверкі і ўсё зрабіць па законе, а не па тых законах, па якіх гэта робіцца цяпер".

Людзі раззлаваныя не на жарт. Выказваюцца, не хаваючы эмоцыяў. Пагражаюць перайсці да больш сур’ёзных формаў пратэсту — перакрыць праезную частку, каб прыцягнуць да праблемы ўвагу ўладаў.

Пенсіянерка: "Вось я жыву на першым паверсе. І вы ўявіце: чатыры паверхі будуць перад маім акном! Тут і так дыхаць няма чым! Дзе нашым дзецям выйсці на двор?"

Другая пенсіянерка: "У нас няма дзіцячай пляцоўкі!"

Першая пенсіянерка: "Кабельнае тэлебачанне нам не могуць пракласці: кажуць, зямля плыве, камунікацыі метро… А рыць катлаван можна?!"

Трэцяя пенсіянерка: "Мы гатовы пратэставаць, мы ўжо пратэстуем!.. Вось у суботу сход быў, цяпер вось сход… Пайшлі людзі ў выканкам, і ўсе пойдзем у выканкам. Да Ладуцькі – мэра горада!"

Чацвёртая жанчына:
"Возьмем дошкі, пойдзем — і дарогу перакрыем!"


Будаўнічую пляцоўку загарадзілі проста пад вокнамі дома


Ужо паставілі нават бытоўкі


Гэтая дзіцячая пляцоўка павінна знікнуць


Кандыдат у дэпутаты Ўладзімір Нісцюк


Ужо і тэхніку прыгналі


Абураныя жыхары дома


Канец будпляцоўкі — пад самымі вокнамі


У двары дома — стаянка, дзеткам няма дзе гуляць. Адзіная пляцоўка патрапіла пад будоўлю...


Пенсіянеркі рыхтуюцца перакрываць дарогу, каб прыцягнуць увагу ўладаў


Падпорная сценка дома і так трэснула: пад зямлёй праходзіць метро


Жыхары адрэагавалі імгненна: у першы ж вечар пасля з'яўлення будаўнікоў на пад'ездах з'явіліся заклікі да пратэстаў. Людзі гатовыя да крайніх мераў