Міжнародная федэрацыя хакея будзе пісаць імёны беларусаў па рускіх правілах
Рэформа напісання прозвішчаў будзе ўжыта да расійскіх, беларускіх і казахстанскіх хакеістаў. Прозвішчы ўкраінцаў будуць напісаныя па асобных правілах.
Міжнародная федэрацыя хакея мае намер правесці рэформу напісання прозвішчаў і імёнаў хакеістаў на лацінцы. Галоўнае патрабаванне Міжнароднай федэрацыі хакея – напісанне імёнаў павінна быць як мага бліжэй да іх вымаўлення на рускай мове, паведамляе championat.ru.
Штуршком да правядзення рэформы паслужыла просьба Федэрацыі хакея Расіі і Сямёна Варламава, які замест звыклага Semen папрасіў пісаць сваё імя як Semyon. МФХ прыслухалася да меркавання расійскага боку і прыняла рашэнне ўніфікаваць новыя правілы правапісу.
Акрамя гэтага, Міжнародная федэрацыя хакея мае намер спрасціць напісанне некаторых прозвішчаў і назваў.
Адпаведнае напісанне прозвішчаў будзе ўжыта да расійскіх, беларускіх, і казахстанскіх хакеістаў. Прозвішчы гульцоў зборнай Украіны будуць напісаны па асобных правілах, удакладняе афіцыйны сайт МФХ.
Фота:interfax.by