МУС: Колькасць часова невыязных грамадзян скароціцца ў наступным годзе

Новае заканадаўства дазволіць скараціць колькасць грамадзян, якім часова забаронены выезд за межы Беларусі. Пра гэта заявіў начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Аляксей Бягун. Па словах чыноўніка, якія перадае "Інтэрфакс", колькасць часова невыязных скароціцца на парадак, ва ўсякім разе — іх не будзе сто тысяч, як цяпер.

Як дадала намесніца дырэктара Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Людміла Панфёрава, 26 сакавіка 2010 года ўступае ў сілу закон "Аб парадку выезду з Беларусі і ўезду ў Беларусь грамадзян рэспублікі". У адпаведнасці з ім удасканалены парадак унясення звестак у базу асоб, якім часова абмежавана права на выезд з Беларусі. Панфёрава растлумачыла, што па кожным выпадку забароны на выезд будуць прымацца індывідуальныя рашэнні. Гэта, на яе думку, дазволіць скараціць колькасць невыязных.

Чыноўніца ўдакладніла, што новы закон змяніў механізм унясення ў базу невыязных, але не змяніў катэгорыі асоб, якім можа часова быць абмежаваны выезд за мяжу. Гэта, па яе словах, грамадзяне, абазнаныя ў дзяржаўных таямніцах, тыя, хто знаходзіцца пад падазрэннем або абвінавачваннем, асуджаныя без накіравання ў папраўчыя ўстановы, тыя, над кім ажыццяўляецца прэвентыўны нагляд. Таксама ў спіс невыязных трапілі людзі, якія не выконваюць маёмасных абавязанняў, і "ўхілісты" ад войска.