МУС: На Плошчы пацярпелі каля 100 супрацоўнікаў органаў і каля 10 грамадзян
Падчас падзей на плошчы Незалежнасці 19 снежня пацярпелі каля 100 супрацоўнікаў праваахоўных органаў і каля дзясятка грамадзян.
Пра гэта падчас ток-шоў "Адкрыты фармат" у эфіры тэлеканала ОНТ 31 студзеня заявіў першы намеснік кіраўніка ўпраўлення аховы правапарадку МУС Беларусі Аляксандр Барсукоў, адказваючы на пытанне старшыні Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай, паведамляе БелаПАН.
Па яго словах, супрацоўнікі праваахоўных органаў былі траўміраваны "гэтымі прутамі, ледасекамі і іншымі прыстасаваннямі". "З процілеглага боку пацярпела з дзясятак грамадзян. І то я не выключаю, што яны атрымалі рэжучыя раненні, калі білі шкло ў Доме ўрада ці калі ўцякалі, дзесьці спатыкнуліся", — сказаў Барсукоў.
На пытанне вядучага, ці дакладныя звесткі пра тое, што падчас падзей на плошчы пацярпелі, былі затрыманы людзі, якія чакалі грамадскі транспарт, проста ішлі ўздоўж плошчы, Барсукоў адказаў: "Той, хто выпадкова там апынуўся, законапаслухмяны грамадзянін, вядома ж, адыдзе і проста сыдзе адтуль. Я лічу, што выпадковых там проста не магло быць".