Мужчына вярнуў знойдзены кашалёк, але грошы з банкаўскіх картак зняў
Здарэнне адбылося ў Заводскім раёне Мінска.
44-гадовы мінчук, знаходзячыся каля аднаго з дамоў па вуліцы Асаналіева, выпадкова пакінуў на багажніку свайго аўтамабіля кашалёк. У ім знаходзіліся яго пашпарт, дзве банкаўскія карткі, запіска з пін-кодамі, страхавы поліс і дакументы на машыну.
Як інфармуе прэс-служба мінскай міліцыі, праз некаторы час кашалёк заўважыў 33-гадовы жыхар сталіцы. Ён забраў яго ды зняў з чужых картак 2 мільёны 300 тысяч рублёў. Кашалёк і дакументы зламыснік аддаў свайму швагру і папрасіў патэлефанаваць гаспадару, што той і зрабіў. Банкаўскіх картак у вернутым кашальку, зразумела, не аказалася.
Аднак міліцыянты высветлілі сапраўдную карціну таго, што адбылося. Якім будзе пакаранне для мужчыны, які скраў грошы, пакуль невядома.
Фота — minsknews.by